Acta Universitatis Lodziensis. Folia Linguistica Rossica, XXI, 2022: 131–139
https://doi.org/10.18778/1731-8025.21.11

Светлана Шаховская (Svetlana Shakhovskaya) *

Orcidhttps://orcid.org/0000-0001-7151-1877

З мікратапанімічнага кантынуума Уздзеншчыны

Резюме: У беларускай лінгвістыцы акрэслілася пытанне пра неабходнасць захавання назваў дробных геаграфічных аб’ектаў. Асноўная мэта артыкула – фіксацыя і аналіз мікратапонімаў Камянкоўскага сельскага савета як часткі тапанімічнага кантынуума Уздзеншчыны. Аналізу мікратапанімічных адзінак адзначанай тэрыторыі прысвечана адзіная навуковая публікацыя Р. А. Філіповіч, дзе вывучаюцца мікратапонімы в. Куль Уздзенскага раёна.

Матэрыял для даследавання сабраны аўтарам артыкула ад інфарматараў – жыхароў даследаванай тэрыторыі і прааналізаваны ў структурным і семантычным плане.

Вылучаюцца мікратапонімы адонімнага і адапелятыўнага паходжання. Адтапонімныя найменні ўтвараюцца шляхам ад’ектывацыі ад назваў вёсак і шляхам прамога перанясення назвы больш буйнога аб’екта на больш дробны. Адантрапонімныя адзінкі ўтвараюцца звычайна ад прозвішча, імя або мянушкі чалавека, на тэрыторыі якога знаходзіцца геаграфічны аб’ект. Мікратапонімы адапелятыўнага паходжання часта матываваныя знешнім выглядам або ўнутранымі характарыстыкамі геаграфічных аб’ектаў; асаблівасцямі прыроднага асяроддзя; аб’ектамі, што ўзвышаюцца над тэрыторыяй; адлюстроўваюць эканамічныя працэсы і захоўваюць памяць пра гістарычныя падзеі, заняткі людзей.

Ключавыя словы: Уздзеншчына, мікратапонімы, паходжанне, структура.

From the Microtoponymic Continuum of the Uzda Region

Summary: The question of necessity to preserve the names of small geographical sites has emerged in Belarusian linguistics. The main purpose of the article is to identify and analyse the microtoponyms of the Kamenkovsky Village Council as part of the toponymic continuum of the Uzda region. One scientific publication by R. A Filippovich is devoted to the analysis of the microtoponymic units of marked territory, where microtoponyms of the village of Kul of Uzda district are studied.

The author of the article collected the material for the study by talking to the residents of the studied area and analysed it in structural and semantic terms.

Microtoponyms of onym and appellative origin are distinguished. Toponymic names are formed by adjectivation from the names of villages and by direct transferring of the name of a larger site to a smaller one. Anthroponymic units are usually formed from the full name or nickname of the person on whose territory a specific geographical site is located. Microtoponyms of apellative origin are often motivated by the appearance or internal characteristics of geographical items; features of the natural environment; structures towering over the territory; they also reflect economic processes and keep the memory of historical events, people’s occupations, etc.

Keywords: Uzda region, microtoponyms, origin, structure.


Назвы дробных геаграфічных аб’ектаў, хоць яны і вядомы невялікім групам людзей, звычайна – насельнікам абмежаванай тэрыторыі, заўсёды з’яўляліся самым пашыраным ва ўжыванні і самым запатрабаваным тыпам тапонімаў. «Мікратапонімы, – адзначае Я.М. Адамовіч, – важная крыніца вывучэння гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, мовы, археалогіі» (Адамовіч, 1971, 5), а іх колькасць «у сотні разоў перавышае тапанімію» (Адамовіч, 1971, 8). Уся гаспадарчая дзейнасць людзей пэўнай тэрыторыі так ці іначай звязана з дробнымі геаграфічнымі аб’ектамі, размешчанымі навокал. Таму літаральна кожны пагорак і кожная ямка раней мелі сваё ўласнае імя. Са звужэннем сферы народнай гаспадаркі, заняпадам калгасаў і саўгасаў пачалі страчвацца і мікратапонімы – найменні ўрочышчаў, палёў, дарог, частак лесу, палян і г. д. Разумеючы неабходнасць захавання беларускай мікратапанімічнай лексікі, шматлікія лінгвісты звярнуліся да фіксацыі і апрацоўкі рэгіянальнай мікратапаніміі.

У рамках навукова-даследчай работы Мікратапанімічны лінгваландшафт Беларусі навукоўцы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі на чале з В.А. Шклярыкам стварылі электронную базу Бібліяграфія па беларускай мікратапаніміцы. Яна ўключае пералік прац, датаваных 1959–2020 гг., прысвечаных апісанню беларускай мікратапаніміі, за выключэннем публікацый з аналізам тапонімаў архіўных крыніц і помнікаў пісьменства. На снежань 2021 года база ўключае каля 500 бібліяграфічных апісанняў. Аднак, хаця агульная колькасць навуковых прац, прысвечаных вывучэнню назваў дробных геаграфічных аб’ектаў, уражвае, больш дэталёвае знаёмства з базай паказвае, што фіксацыя і вывучэнне мікратапонімаў у розных рэгіёнах Беларусі адбываецца нераўнамерна. Так, апісанню мікратапонімаў некаторых рэгіёнаў прысвечаны дзясяткі навуковых артыкулаў (напрыклад, Гродзенскі і Столінскі раёны), а аналізу іншых – адзінкавыя працы. У сувязі з тым, што мікратапанімічная прастора Уздзеншчыны аналізуецца толькі ў адной навуковай працы[1], нязначная колькасць мікратапонімаў адзначанай мясцовасці фіксуецца ў Мікратапаніміі Беларусі (Мінск, 1974), лічым неабходным звярнуцца да вывучэння хаця б пэўнай часткі мікратапонімаў дадзенага рэгіёну (мікратапаніміі Камянкоўскага сельскага савета) у сваім артыкуле[2].

Як і ў астатніх рэгіёнах Беларусі, значная частка назваў дробных геаграфічных аб’ектаў даследаванай тэрыторыі – найменні адонімнага паходжання.

Адтапонімныя мікратапонімы часта ўтвараюцца ад назваў вёсак, побач з якімі знаходзіцца геаграфічны аб’ект, шляхам канструявання адкамонімнага ад’ектыва. Акрамя таго, пры называнні дробнага геаграфічнага аб’екта інфарматары ў склад мікратапоніма ўключаюць апелятыў – родавую назву геаграфічнага аб’екта, пра які ідзе гаворка. Так утворана большасць назваў лясоў і дробных водных аб’ектаў даследаванай тэрыторыі: Віркóўскі Лес – лес каля в. Віркова; Камянскí Лес – лес каля в. Камяное; Нізаўскí Лес – лес каля в. Нізок; Чашы́нскі Лес – лес каля в. Чашын; Пáлядскае Бало́та – балота каля в. Палядзі; Слабадскóе Во́зера – возера каля в. Слабада; Чашы́нскае Во́зера – возера каля в. Чашын; Румóўскае Во́зера – возера каля в. Румок. Уключэнне апелятыва ў склад мікратапонімаў, відаць, звязана з тым, што адкамонімнае паходжанне часам маюць адразу некалькі найменняў дробных геаграфічных аб’ектаў, што знаходзяцца побач з вёскай. Напрыклад, Чашы́нскі Лес, Чашы́нскае Возера, Чашы́нская Дарога. Аднак пры навуковай апрацоўцы і лексікаграфічнай фіксацыі мікратапонімаў такое пашырэнне онімнай адзінкі за кошт родавай назвы геаграфічнага аб’екта падаецца немэтазгодным.

Адзначаюцца і мікратапонімы, утвораныя шляхам прамога перанясення назвы больш буйнога аб’екта (звычайна назвы вёскі) на больш дробны (поле, урочышча): Жáчкава – урочышча каля в. Жачкава; Ляскí – поле побач з хутарам Ляскí; Зая́мнае – возера паміж вв. Заямнае і Слабада, Чамяры́чнае – поле каля в. Чамярычнае, Сíтнікі – балота побач з в. Сітнікі.

Ад назваў больш значнага тапанімічнага аб’екта, побач з якім знаходзяцца, утвораны некаторыя мікратапонімы-арыенціры даследаванай тэрыторыі. У структуру наймення поля Пад Зóркай, а таксама – назвы часткі лесу Пад Камянóе ўваходзяць камонімы – назвы вёсак Зорка і Камяное.

Вядомы савецкі анаматолаг У.А. Ніканаў, а следам за ім В.М. Емельяновіч называлі тапонімы-арыенціры «эмбрыёнамі назваў», якія толькі знаходзяцца на шляху фармалізацыі (Емельяновіч, 1980, 78). Дадзенае меркаванне пацвярджаецца тым, што некаторыя тапонімы-арыенціры сёння суіснуюць побач з больш познімі па сваім ўтварэнні ад’ектыўнымі найменнямі, якія выкарыстоўваюцца для называння адных і тых жа геаграфічных аб’ектаў. Побач з назвай Камянскí Лес для наймення лесу каля в. Камяное выкарыстоўваецца мікратапонім-арыенцір Пад Камянóе. Адпаведная сітуацыя назіраецца ва ўжыванні некаторых адапелятыўных назваў: лімноніма Бáзаўскі Вадаём разам з мікратапонімам-арыенцірам За Бáзай, назвы Мая́к для поля каля в. Чамярычнае побач з мікратапонімам Пад Маякóм. Відаць, у хуткім часе тапонімы-ад’ектывы і тапонімы-субстантывы выцясняць адпаведныя мікратапонімы-арыенціры.

Адантрапонімныя мікратапанімічныя адзінкі ўтвараюцца звычайна ад прозвішча, імя або мянушкі чалавека, на тэрыторыі якога змяшчаецца геаграфічны аб’ект, шляхам далучэння прыналежнага прыметніка да апелятыва. Так, назва Малéева Балóта побач з в. Жачкава ўтворана ад прозвішча чалавека, хутар якога знаходзіўся на адпаведнай тэрыторыі. Так жа ўтварыліся мікратапонімы Цы́рына Балóта (балота каля в. Суткі) і Сялётаў Кутóк – поле каля в. Ануфрова.

На даследаванай тэрыторыі было адзначана 6 мікратапонімаў-арыенціраў адантрапонімнага паходжання. Усе найменні ўтвораны па класічнай для тапонімаў-арыенціраў мадэлі: прыназоўнік пад (за) + онім, дзе онім – прозвішча людзей, побач з жыллём якіх знаходзяцца геаграфічныя аб’екты. Такі тып намінацыі асабліва часта выкарыстоўваецца пры называнні дробных водных аб’ектаў Камянкоўскага сельскага савета. Так, мікратапонімы Пад Казлёнка, Пад Бáбіча, Пад Бэ́смана з’яўляюцца найменнямі для вадаёмаў, што знаходзяцца побач з хатамі людзей па прозвішчы Бабіч і Казлёнак, а таксама побач з урочышчам, дзе раней быў хутар чалавека па прозвішчы Бэсман. Форма вінавальнага (а не меснага) склону замацавалася ў гэтых назвах, відавочна, таму, што ў маўленні яны заўсёды спалучаюцца з дзеясловам пайсці (пайшоў лавіць рыбу Пад Бáбіча, Пад Казлёнка, Пад Бэ́смана), ужывання формаў меснага склону (тыпу налавіў Пад Бáбічам, Пад Бэ́сманам) намі не зафіксавана. Гэта дае падставу гаварыць пра нязменнасць такога роду назваў.

Як адзначае В.А. Жучкевіч, «ценность топонимических материалов объясняется прежде всего устойчивостью географических названий, которые сохраняются даже в тех случаях, когда явления, его породившие, изменились или перестали существовать…» (Жучкевіч 1961, 3). Для навукоўца найменні страчаных геаграфічных аб’ектаў уяўляюць не меншую цікавасць, чым назвы аб’ектаў існуючых, «если для современной географии они больше ничего не значат, в языке они могли оставить определенный след и повлиять на дальнейшее развитие топонимических моделей и систем» (Суперанская, 1985, 8). Да назваў страчаных геаграфічных аб’ектаў Уздзеншчыны належаць найменні былых хутароў, якія замацаваліся за ўрочышчамі, дзе раней знаходзілася чалавечае жытло.

Большасць мікратапонімаў даследаванай тэрыторыі, якія называюць урочышчы на месцы былых хутароў, утворана з фармантам -шчына (-оўшчына /-аўшчына /-еўшчына): Бэ́сманаўшчына – урочышча на месцы былога хутара побач в. Варацішчы; Дзынгарóўшчына – урочышча каля в. Нізок, дзе раней быў хутар і салдацкія зямлянкі; Лíсаўшчына, Малéеўшчына – урочышчы каля в. Камяное; Мураўíшчына, Наўрóўшчына – урочышчы каля в. Мрочкі; Луцэ́вішчына, Рудакóўшчына – урочышчы каля в. Глінкі; Мядзвéжчына – урочышча каля в. Віркова; Панкрáтаўшчына – урочышча каля в. Смаляры; Улáсаўшчына – урочышча каля в. Жачкава.

Аналізуючы мікратапанімію Стаўбцоўшчыны, А.М. Прышчэпчык адзначала, што характэрнай рысай назваў са словаўтваральным фармантам -шчына з’яўляецца тое, «што ўсе яны ўтвораны ад імя, мянушкі, прозвішча, назвы прафесіі ці занятку чалавека ў той час, калі аб’ект перастаў быць уласнасцю гэтага чалавека» (Прышчэпчык, 1970, 117). Відавочна, прыведзеныя вышэй назвы ўзніклі ад ўласных імёнаў гаспадароў хутароў (Малееўшчына – ад прозвішча Малееў, Рудакоўшчына – ад Рудакоўскі, Луцэвішчына – ад Луцэвіч і г. д.) у часы, калі хаты пачалі сцягваць у адно месца з мэтай утварэння вёсак, і замацаваліся за ўрочышчамі на іх былым месцы.

Мікратапонім Забугáйшчына (урочышча каля в. Нізок), відаць, служыў найменнем не для месца, дзе непасрэдна быў хутар, а для ўрочышча паблізу хутара чалавека з мянушкай ці прозвішчам Бугай. Аналізуючы структуру тапонімаў-арыенціраў Пружаншчыны, В.М. Емельяновіч адзначае, што мікратапонімы з такой структурай толькі ў плане сінхраніі з’яўляюцца прэфіксальна-суфіксальнымі, «а ў плане дыяхраніі выяўляецца іх генетычная сувязь з прыназоўнікавымі канструкцыямі» (Емельяновіч, 1980, 82).

Без названага фарманта ўтвараюцца нешматлікія адантрапонімныя назвы ўрочышчаў на месцы былых хутароў. Побач з назвай Мядзвéжчына для наймення адпаведнага ўрочышча ўжываецца назва Мядзвéдскія, утвораная ад прозвішча гаспадароў былога хутара без фарманта -шчына. Урочышча, дзе раней жылі людзі, побач з в. Смаляры называецца Купрэ́іха (ад уласнага імя ўладальніка былога хутара Купрэя або, магчыма, ад наймення жонкі па мужу Купрэіха).

На адантрапанімічнае паходжанне ўказвае суфікс мікратапоніма Жмóрава, які служыць найменнем для балота і часткі лесу каля в. Суткі.

Мікратапонімы адапелятыўнага паходжання часта матываваныя знешнім выглядам або ўнутранымі характарыстыкамі геаграфічных аб’ектаў, якія называюць (Жучкевич, 1961, 19)[3].

Так, на тэрыторыі Камянкоўскага сельскага савета зафіксавана некалькі найменняў дробных водных аб’ектаў (невялікіх азёраў, сажалак, балот), што характарызуюць знешні выгляд, памеры, асаблівасці азёрнай катлавіны, тэмпературу і якасць вады: Вір – вадаём каля в. Свінка; Паплóўчык[4] – вадаём у в. Гарадок; Сту́дзенка – лясны вадаём непадалёку ад в. Варацішчы; Шырóкае Балóта – балота каля в. Чамярычнае; Чы́стыя Пруды́ – штучна створаны вадаём за в. Войкава (назва сучасная, таму не зусім упісваецца ў мікратапанімічную прастору даследаванай тэрыторыі). Балота Каланíчнае, што знаходзіцца каля в. Сітнікі, магло атрымаць такую назву ад апелятываў каланіца – «калёсная мазь з дзёгцю» (Мацкевіч, 1980, 366) або кал, калі ўлічваць, што гэтым словам называюць гразь, гной, бруд увогуле (Мацкевіч, 1980, 365).

Знешні выгляд прадвызначыў і ўзнікненне мікратапоніма Вíлы (частка лесу каля в. Свінка). Найменне Штаны́ атрымала з-за свайго падабенства па форме да адпаведнага віду адзення развілка ў лесе каля в. Віркова. Звяздóй мясцовыя жыхары называюць частку лесу, расчышчаную людзьмі, паляну ў выглядзе зоркі ў лесе побач з в. Варацішчы, якая была створана ў савецкія часы для патрэб мясцовай школы. Найменне Цы́пель для тонкай паласы лесу каля в. Мрочкі, падобна, матывавана назвай прыстасавання, якое раней выкарыстоўвалі для збору смалы з дрэваў: «Цыпяль м. 1. Дошчачка з паглыбленнем, латок…» (Мацкевіч, 1985, 371). Найменне Уёнка мае невялікі прыток р. Лоша каля в. Рачыца, назва матывавана асаблівасцямі формы ракі (і магла быць утворана ад дзеяслова віцца).

У залежнасці ад таго, ці засаджана тэрыторыя лесам, некаторыя геаграфічныя аб’екты атрымалі найменні, што ўключаюць супрацьлеглыя характарыстыкі. Мікратапонім Астравóк замацаваўся за невялікім лесам побач з в. Мрочкі, таму што вакол гэтага лесу знаходзіцца поле; Ляскí – назва ўрочышча, дзе раней быў хутар, каля в. Мрочкі. Лы́сай Гарóй мясцовыя жыхары называюць расчышчаную ад дрэў частку лесу паміж вв. Румок і Слабада; Паля́нкай – месца без дрэў у лесе побач з в. Нізок. Найменне Пóжар маюць частка Камянскóга лесу, а таксама поле каля в. Камяное, якое, відавочна, было створана шляхам спальвання дрэваў на месцы, дзе раней быў лес.

Асобную групу мікратапонімаў складаюць назвы, якія характарызуюць рэльеф мясцовасці (Жучкевич, 1961, 37), дзе знаходзяцца аб’екты. Да гэтай групы належаць уласныя назвы наступных аб’ектаў: Перашкóда – урочышча каля в. Глінкі; Крáсная Гарá – узвышанасць у лесе каля в. Сітнікі; Каўкáзскія Гóры – урочышча каля в. Віркова. Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя назвы метафарычныя. Найменне балота паміж вв. Ануфрова і Камяное Язвіны паходзіць ад апелятыва язвіна, які абазначае «глыбокую балаціну сярод сухога месца» (Шклярык, 2017, 78).

Пры класіфікацыі складаных мікратапонімаў трэба ўлічваць такі факт, што кожная частка анамастычнай адзінкі магла быць створана на розных падставах. Так, у назве вырубкі каля в. Нізок Лóсева Сцéнка апелятыў Лосева ўказвае на ўзнікненне назвы ад уласнага імя, а сценка абазначае мяжу, дарожку паміж часткамі нейкага цэлага аб’екта (Шклярык, 2017, 132), г. зн. адносіць мікратапонім да групы найменняў матываваных апелятывамі са значэннем межавых аб’ектаў. Мікратапонімы Салдáцкая Паля́нка (паляна ў лесе побач з балотам Жмóрава каля в. Суткі) і Партызáнская Паля́нка (месца, дзе ў ваенныя часы хаваліся партызаны, побач з в. Суткі) адносна лексемы палянка (незарослае дрэвамі, кустамі месца сярод лесу) належаць да групы мікратапонімаў, якія характарызуюць месца паводле наяўнасці або адсутнасці дрэў /лесу на тэрыторыі, а лексемы салдацкая, партызанская патрабуюць аднясення ўказаных адзінак намінацыі да групы онімаў, якія характарызуюць заняткі людзей. У мікратапоніме Сялётаў Кутóк першая частка відавочна адантрапонімнага паходжання, а другая характарызуе геаграфічны аб’ект з боку яго размяшчэння адносна іншых частак паселішча.

Паводле асаблівасцей пасадак атрымалі свае назвы некаторыя лясы ў раёне вв. Варацішча, Навасады (страчаная назва вёскі – Бабалі), Войкава. Лес паміж указанымі вёскамі называецца Квартáлы. Кожная з трох пасадак, на якія дзеліцца гэты лес, мае сваю ўласную назву: Пéршыя Квартáлы, Другíя Квартáлы і Трэ́ція Квартáлы.

Частка мікратапонімаў Камянкоўскага сельскага савета характарызуе асаблівасці прыроднага асяроддзя – расліннасць, глебава-грунтавыя ўмовы, жывёльны свет (Жучкевич, 1961, 35).

Па найменні раслін, лясных масіваў дробным геаграфічным аб’ектам даследаванай тэрыторыі дадзены назвы: Баравíнка – поле каля в. Чамярычнае; Вішнякí – урочышча за могілкамі каля в. Глінкі; Дубы́ – урочышча каля в. Адрынішчы, Найду́бава – кар’ер за в. Роспы, месца, дзе раней быў хутар. Ад апелятыва каноплі ўзнікла назва могілак, што знаходзяцца каля в. Глінкі, – Канапéлькі.

Глеба-грунтавыя ўмовы сталі падставай для наймення поля каля в. Віркова метафарычным мікратапонімам Бранявíк (з-за вялікай колькасці камянёў на ўказаным полі). Месца, дзе раней здабывалі гліну для вытворчасці цэглы, побач З в. Глінкі называецца Глíнішчам.

Часта мікратапонімы паходзяць ад апелятываў, якія называюць аб’екты, што ўзвышаюцца над тэрыторыяй і бачны здалёк:

Свойствами, достаточными для их специального выделения, обладают не все физико-географические объекты, а лишь наиболее крупные, благодаря чему они приметны и широко известны, или объекты причудливой формы, мимо которых невозможно пройти, не обратив на них внимания (Суперанская, 1985, 24).

Так, для наймення поля каля в. Мрочкі выкарыстоўваецца мікратапонім-арыенцір Пад Ёлкай – на полі расце высокае старое дрэва, на якое арыентуюцца людзі, калі трэба знайсці ўказаны геаграфічны аб’ект. Поле каля в. Чамярычнае называецца Пад Маякóм – на яго тэрыторыі стаіць аглядавая вышка леснікоў. Сажалку каля базы (месца, дзе захоўваецца сельскагаспадарчая тэхніка саўгаса «Гарадок») называюць мікратапонімам-арыенцірам За Бáзай. Паводле аб’екта, змешчанага на дадзенай тэрыторыі, атрымала найменне Леснічóўка база адпачынку ў Слабадскім лясніцтве; Курганы́ – месца пахавання салдат ваенных часоў каля в. Мрочкі; Вóзера – найменне ўрочышча каля в. Віркова, дзе раней было возера, якое з часам поўнасцю высахла.

Сустракаюцца на даследаванай тэрыторыі адапелятыўныя назвы, якія адлюстроўваюць эканамічныя з’явы і ўяўляюць цікавасць для вызначэння некаторых пытанняў гісторыі народнай гаспадаркі, эканамічнай геаграфіі, гісторыі (Жучкевич, 1961, 39). У дадзенай групе вылучаюцца назвы, што ўказваюць на прадпрыемства, вытворчасць, якая знаходзілася ці знаходзіцца ў дадзеным пасяленні (Жучкевич, 1961, 42). Фéрмерскі – поле каля в. Старыя Маргі. Урочышча за в. Глінкі атрымала назву Аэрадрóм па той прычыне, што ў савецкія часы там знаходзілася месца пасадкі мясцовага самалёта, пры дапамозе якога апрацоўвалі ад шкодных насякомых калгасныя палі. Кірпíчнае – былая назва кар’ера побач з в. Глінкі, дзе здабывалі гліну для невялікага завода па вырабу цэглы, што знаходзіўся там у савецкі час. Са знікненнем завода геаграфічны аб’ект вярнуў сваю былую назву – Глíнішча.

Мікратапонімам, які ўказвае на заняткі насельніцтва і яго вытворчыя навыкі, з’яўляецца найменне хутара Смаляры́.

Да нашага часу на даследаванай тэрыторыі захаваліся наступныя адонімныя і адапелятыўныя найменні дарог і іх частак, якія характарызуюць асаблівасці транспартных шляхоў (Жучкевич, 1961, 45): Мíнскі Гасцíнец – былая ваенная дарога, што праходзіць па лесе побач з вв. Глінкі і Мрочкі. Для наймення дадзенага геаграфічнага аб’екта выкарыстоўваецца і варыянтная назва Мінскі Шлях. Дарога па лесе побач з в. Суткі называецца Су́ткаўскім Гасцíнцам. Гасцінец – «вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі; шлях, тракт» (Баханькоў, 1978, 39). Новая асфальтаваная дарога побач з в. Войкава называецца Гравéйка (у аснове назвы рускае слова гравий – дарога пасыпана жвірам). Перакрыжаванне дарог у лесе недалёка ад хутара Ляскі каля в. Мрочкі мае метафарычную назву Сем Дарóг.

Назіранні за мікратапаніміяй Камянкоўскага сельскага савета даюць падставы сцвярджаць, што са звужэннем гаспадарчага выкарыстання навакольных зямель у значнай ступені перасталі ўжывацца і забыліся назвы большасці дробных геаграфічных аб’ектаў наваколля. Толькі іх своечасовая фіксацыя і навуковы аналіз дазволяць не страціць каштоўны тапанімічны матэрыял, які захаваў у сабе звесткі пра мінулае і сучаснае жыццё насельніцтва Уздзеншчыны.



* e-mail: vetryk@mail.ru


Библиография

Адамовіч, Я.А. (1971). Мікратапанімічныя назвы. Мінск: Вышэйшая школа.

Баханькоў, А.Я. (рэд.). (1978). Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя.

Емельяновіч, В.М. (1980). Назвы-арыенціры ў мікратапаніміі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, Беларуская мова, 7, 76–84.

Жучкевич, В.А. (1961). Происхождение географических названий (топонимика) Белоруссии. Минск: Издательство Белгосуниверситета имени В.И. Ленина.

Мацкевіч, Ю.Ф. (рэд.). (1980). Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Мінск: Навука і тэхніка.

Мацкевіч, Ю.Ф. (рэд.). (1986). Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Мінск: Навука і тэхніка.

Прышчэпчык, А.М. (1970). Мікратапонімы Стаўбцоўшчыны з суфіксам -шчына /-оўшчына /-еўшчына. В: Пытанні беларускай тапанімікі (117–122), М.В. Бірыла, В.А. Жучкевіч, П.П. Шуба (рэд.). Мінск: Вышэйшая школа.

Суперанская, А.В. (1984). Что такое топонимика? Москва: Наука.

Шклярык, В.А. (2017). Мікратапанімія Усходняга Палесся ў кантэксце развіцця рэгіянальнай лексічнай сістэмы. Мінск: Беларуская навука.

***

Adamovіch, Ya.A. (1971). Mіkratapanіmіchnyya nazvy. Mіnsk: Vysheishaya shkola.

Bakhan’koў, A.Ya. (ed.). (1978). Tlumachal’ny sloўnіk belaruskai movy. Mіnsk: Belaruskaya Savetskaya Entsyklapedyya.

Emel’yanovіch, V.M. (1980). Nazvy-aryentsіry ў mіkratapanіmіі Pruzhanskaga raena Brestskai voblastsі, Belaruskaya mova, 7, 76–84.

Matskevіch, Yu.F. (ed.). (1980). Sloўnіk belaruskіkh gavorak paўnochna-zakhodnyai Belarusі і yae pagranіchcha. Mіnsk: Navuka і tekhnіka.

Matskevіch, Yu.F. (ed.). (1986). Sloўnіk belaruskіkh gavorak paўnochna-zakhodnyai Belarusі і yae pagranіchcha. Mіnsk: Navuka і tekhnіka.

Pryshchepchyk, A.M. (1970). krataponіmy Staўbtsoўshchyny z sufіksam -shchyna /-oўshchyna /-eўshchyna. V: Pytannі belaruskai tapanіmіkі (117–122), M.V. Bіryla, V.A. Zhuchkevіch, P.P. Shuba (ed.). Mіnsk: Vysheishaya shkola.

Shklyaryk, V.A. (2017). Mіkratapanіmіya Uskhodnyaga Palessya ў kantekstse razvіtstsya regіyanal’nai leksіchnai sіstemy. Mіnsk: Belaruskaya navuka.

Superanskaya, A.V. (1984). Chto takoe toponimika? Moscow: Nauka.

Zhuchkevich, V.A. (1961). Proiskhozhdenie geograficheskikh nazvanii (toponimika) Belorussii. Minsk: Izdatel’stvo Belgosuniversiteta imeni V.I. Lenina.


Сноски

  1. Філіповіч, Р.А. (2020). Вёска Куль: страчаная спадчына. B: Першы Рэспубліканскі краязнаўчы форум Беларусі ў рамках Года малой радзімы, Т. 2 (425–429), Карлюкевіч А.М. (старшыня) і інш. (ред.). Мінск: Чатыры чвэрцi.
  2. Назвы дробных геаграфічных аб’ектаў запісаны ад жыхароў вёсак даследаванай тэрыторыі Т.І. Вярбіцкай (1962 г. н.), А.В. Пятрыка (1961 г. н.), У.А. Шахоўскага (1960 г. н.).
  3. Класіфікацыя мікратапонімаў адапелятыўнага паходжання прыводзіцца згодна тыпам тапонімаў, якія вылучыў В.А. Жучкевіч.
  4. Сёння на месцы названага воднага аб’екта засталася толькі лагчына, парослая травой, але назва захавалася.

COPE
CC

Received: 24.12.2021. Verified: 04.03.2022. Accepted: 02.09.2022.