Acta Universitatis Lodziensis. Folia Linguistica Rossica, XXI, 2022: 121–129
https://doi.org/10.18778/1731-8025.21.10

Таццяна Старасценка (Tatstsyana Starastsenka) *

Orcidhttps://orcid.org/0000-0002-1632-6721

Рэалізацыя сэнсавых апазіцый у паэтычным дыскурсе Eўдакіі Лось

Резюме: Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца аналіз лексіка-граматычных сродкаў сэнсавых апазіцый паэзіі Еўдакіі Лось як асновы паралелізму з адносінамі супастаўлення і супрацьпастаўлення. У артыкуле разглядаецца моўная рэпрэзентацыя сэнсавых апазіцый жыццё – смерць, святло – цемра, цяпло – холад як базавых універсальных катэгорый у дыскурсе беларускай паэткі Еўдакіі Лось. Пры характарыстыцы фактычнага матэрыялу ўлічваліся навуковыя падыходы Рамана Якабсона і Юрыя Лотмана, якія разглядалі ролю розных граматычных катэгорый у фарміраванні сэнсу.

Актуальнасць даследавання заключаецца ў паглыбленні разумення камунікатыўнага аспекту паэтычнага тэксту як дыялогу паміж аўтарам і чытачом. У артыкуле паказана асаблівасць дэкадавання сэнсу на аснове не толькі лексічных, але і граматычных рэпрэзентантаў. Гэта дазваляе пашырыць магчымасць аналізу паэзіі як арыгінальнай моўнай сістэмы, у якой словы, узаемадзейнічаючы адзін з адным, праяўляюць камбінаторныя прырашчэнні сэнсу. У выніку такога падыходу становіцца відавочнай роля чытача ў сутворчасці з паэтам.

Выкарыстаныя ў даследаванні функцыянальна-стылістычны і структурна-апісальны метады аналізу дазваляюць ахарактарызаваць ролю моўных сродкаў у мадэляванні стылю паэта.

Вывады артыкула пацвярджаюць эксплікацыю чытацкага сэнсу праз філасофскія апазіцыі і іх моўнае выражэнне. Вынікі праведзенага даследавання сведчаць аб важнасці далейшага вывучэння камунікатыўнай стылістыкі ў стварэнні дыялогу паміж паэтам і чытачом.

Ключавыя словы: сэнсавая апазіцыя, паралелізм, супастаўленне, супрацьпастаўленне, лексіка-граматычныя рэпрэзентанты.

Implementation of Semantic Oppositions in the Poetic Discourse of Jeŭdakija Loś

Summary: The purpose of this study is to analyse the lexical and grammatical means employed in the semantic oppositions of Jeŭdakija Loś’s poetry as the basis of parallelism with relations of comparison and opposition. The article deals with the linguistic representation of the semantic oppositions life death, light darkness, heat cold as basic universal categories in the discourse of the Belarusian poetess Jeŭdakija Loś. When exploring the research material, the scientific approaches of Roman Yakobson and Yuri Lotman were taken into account, who studied the role of various grammatical categories in the formation of meaning.

The relevance of the study lies in deepening the understanding of the communicative aspect of the poetic text as a dialogue between the author and the reader. The article shows the feature of decoding of meaning on the basis of not only lexical but also grammatical representatives. This makes it possible to expand the possibility of analysing poetry as an original language system in which words, interacting with each other, show combinatorial increments of meaning. As a result of this approach, the reader’s role in co-creation along with the poet becomes evident.

The functional-stylistic and structural-descriptive methods of analysis used in the study make it possible to characterize the role of linguistic means in modelling the poet’s style.

The conclusions of the article confirm the explication of the reader’s meaning through philosophical oppositions and their linguistic expression. The results of the study show the importance of further study of communicative style in creating a dialogue between the poet and the reader.

Keywords: semantic opposition, parallelism, comparison, juxtaposition, lexico-grammatical representatives.


Дыскурсны аналіз мастацкага тэксту абумоўлівае зварот да дыялогу, або сутворчасці, якая ўзнікае паміж аўтарам і чытачом. Пры дэкадаванні паэтычнага твора магчыма вылучэнне сэнсавых апазіцый, якія адлюстроўваюць адметнасць кантраснага светаўспрымання і дазваляюць стварыць непаўторныя вобразы. Праз лексіка-граматычныя сродкі і структуры тэксту гэтых апазіцый чытач можа змадэляваць ідыястыль паэта і такім чынам удзельнічаць у працэсе сутворчасці.

У паэтычным дыскурсе Еўдакіі Лось асноўнымі сэнсавымі апазіцыямі выступаюць жыццё – смерць, святло – цемра, цяпло – холад, якія разгортваюцца парадыгматычна. Для ідыястылю Е. Лось характэрна ідэя аб’яднання свету як аснова інтэгральнай паэтыкі. Паэтка «не властвует над миром, не командует им, но соучаствует с ним и бытует в мире» (Рашковский, 2016, 79). Лірычны сюжэт «в большинстве случаев строится на параллелях и антитезах внешнего и внутреннего планов» (Кихней, 1997, 37). У кампаненце жыццё апазіцыі жыццё – смерць паралелізм унутранага плана ўзнікае на аснове двух вобразаў – брата і сястры, еднасці іх духоўнага свету. Фізічную смерць, эксплікаваную перфектам Брат загінуў даўно, перамагае памяць прэзенса з семай любві: І журба, і сляза побач з ёю ступаюць, якая ўзмацняецца ў азначэннях-меліяратывах: Я не знаю, чаму пра сясцёр забываюць, / Як гавораць аб моцнай і вернай любві? (Сястра).

Сінтаксічны паралелізм як аснова анафары – простага двухсастаўнага сказа Брат загінуў даўно – супрацьпастаўляецца паралелізму еднасці дзвюх душ абстрактнага назоўніка любоў з імплікацыяй несмяротнасці. Сема вечнага жыцця выводзіцца на аснове суб’ектыўнай мадальнасці верша Брат праз дзеяслоў няпэўнасці здаецца: Мне здаецца, адчыніш дзверы, лексему мо з дадатковым адценнем сумнення: Мо адразу і не пазнаю і працягваецца ў індыкатывах акцыянальных дзеясловаў: Мы змайструем ізноў альтанку, / Набудуем хат для шпакоў; / Накіруемся ў лес ад ранку – / Накапаем малых дубкоў. Адасобленае я сястры цяперашняга часу з семантыкай пакуты і болю зліваецца ў мы будучага пастаяннай еднасці з братам. Прычым адасобленасць уключае ірэальную мадальнасць лірычнага перажывання я: хай устане, загоіць раны, маладосць сваю дажыве; хай пацешыць ён матчын век; гарнітур хай адзене шлюбны; хай пляменнікаў дорыць сястры; хай ніколі не будзе стары.

На думку І.У. Фаменкі, загадны лад дзеяслова робіць «настоящее время постоянным и обращенным в будущее» (Фоменко, 2002, 9). Цяперашні час выразнай мадальнасці лірычнага я сінанімізуецца з будучым у семе працягу жыцця. Інтэгральнасць паэтыкі Е. Лось на ўзроўні апазіцыі жыццё – смерць праяўляецца ва ўжыванні:

1) займенніка мы, які ўключае зямлячак. Загаловак верша Зямлячкам перасякаецца з вобразам сястрыц. Важнае для паэткі лірычнае мы праходзіць праз супрацьпастаўленне сцюжы вайны – светлыя гады і ўмацоўваецца ў меліяратыве парыў адзіны, «преобразуясь в монологическое единство» (Макуренкова, 1994, 141);

2) градуальнасці раніца – дзень – вечар – ноч у паралелізме: Я знаю, жыццё, з чаго ты складаешся: / З раніцы, поўнай трывог і планаў, / З дня, калі планам жыццё даецца, / З вечара, поўнага думак пра заўтра, / З ночы, поўнай нязбытнымі снамі (Я знаю, жыццё, з чаго ты складаешся…). Эфект падманутага чакання ўзнікае на аснове сінтаксічнага супастаўлення і лексічнага супрацьпастаўлення дзень – ноч, раніца – вечар. Жыццё, апрача семы ‘актыўнасць’, уключае і сему ‘затуханне’, якая сінанімізуе яго са смерцю;

3) паралелізму вобразаў жанчын і мужчын у семе ‘смерць’ і іх кантраснасці ў семе ‘жыццё’. Проста дзяўчаты верша Дзяўчаты мінулай вайны эксплікаваны словазлучэннямі няпудраныя вяснушкі; шынялі да пят; плакалі на развалінах; у лужах сцюдзёных мыліся; прычэсваліся пад дажджом; па косах сваіх журыліся з семантыкай жаноцкасці, якая супярэчыла жорсткім правілам вайны. Дзеяслоў з семай смерці гінулі аб’ядноўвае мужчынскае і жаночае ў бязлітаснасці мінулага ліхалецця;

4) граматычнай апазіцыі я – ты з раз’яднаннем лірычных суб’ектаў на аснове жыцця і смерці і іх аб’яднання ў семе ‘вечная памяць’ (Памяці бацькі). На працягу ўсіх сямі фрагментаў верша я і ты існуюць разрознена, што зададзена ўжо ядзернай структурай першага фрагмента: З доўгіх дошак труну майстравалі, / брус дубовы часалі на крыж, / у пяску залаценькім хавалі. Фізічная смерць бацькі не перашкаджае звяртацца да яго ў думках – паралелізм вобразаў самых родных людзей узнікае ў духоўным плане і эксплікуецца ў наступных фрагментах праз ацэначныя звароткі даражэнькі тата; татуля; самы родны, неўміручы чалавек. Загаловак верша з семантыкай вечнага жыцця кантрастуе толькі з ядзернай структурай першага фрагмента, а з ядзернымі структурамі іншых фрагментаў знаходзіцца ў сінанімічных адносінах. Назоўнікавая апазіцыя маці – дачка верша Канцэрт эксплікуе кантрасныя семы ‘жыццё’ (дачка) – ‘смерць’ (маці). Дзякуючы рэфрэну Дзівоснае мецца-сапрана, / ave, Maria, ave! вершаваны тэкст набывае дынаміку. З аднаго боку, рэфрэн раскрывае адрозненне паміж двума фрагментамі Мірнае жыццё, Вайна, а з другога – супастаўляе тэкставыя сегменты, ствараючы складанае семантычнае цэлае са значэннем вечнага жыцця. У выніку паміж ядзернымі структурамі фрагментаў – Дзівоснае мецца-сапрана / гучыць аксамітна ў зале; Пайшла ў партызаны па волю, / па шчырую песню-памяць; Маці, не ты спяваеш / аб дарагім, нязбытным / і горача сэрца кранаеш / голасам аксамітным? – складваюцца адносіны перасячэння. Паміж ядзернымі структурамі першага і трэцяга фрагментаў узнікае семантычная кагезія праз ужыванне прыслоўя аксамітна і прыметніка аксамітны, а формы прэзенса незакончанага трывання гучыць, спяваеш, кранаеш актуалізуюць цяперашні пастаянны памяці;

5) паралелізму знешняга аб’екта з семай смерці і духоўнага стану з семай любові як працягу жыцця (Я прачытала, што ў адной краіне…). Мадальны план я выражае параўнальная канструкцыя Мая зямля, ты болей дарагая, / чым тая, што не траціла нічога з ацэначным азначэннем дарагая, супрацьпастаўленая прыналежным канструкцыям, якія анафарычна рэпрэзентуюць множнасць страт: Твой кожны гмах на попеле замешан, / твой кожны колас выпаен крывёю. Экспрэсія верша Радзіма пачынаецца з двароў… ствараецца анафарай Радзіма пачынаецца з кантраснымі аб’ектамі двароў, вятроў – вайны; што не набыць, а толькі страціць можна. Актуалізуецца антытэза страта – набытак як супрацьпастаўленне фізічнай смерці і духоўнага ўваскрашэння;

6) паралелізму кантрасных вобразаў у сумеснасці іх існавання, у выніку чаго назоўны склон з семай смерці сінанімізуецца з месным семантыкі жыцця: Па ўсёй зямлі – далёка, блізка – стаяць маўкліва абеліскі (Вайна); ва ўтульным садзікумагілы (Лепель).

Інтэгральнасць на ўзроўні кампанента святло апазіцыі святло – цемра Е. Лось адбываецца праз зліццё лірычнага я з роднай мовай, паэзіяй і Айчынай, прычым найбольшая ступень кантамінацыі дасягаецца ў збліжэнні з паэзіяй. Так, у першым фрагменце верша У кожным імгненні паэзія ёсць… назоўны склон паэзіі сінанімізуецца з анафарычна ўзмоцненым месным лакатыву: У кожным імгненні паэзія ёсць, / У кожным здзяйсненні – яе прыгажосць. / У кожнай істоце – яе хада, / У кожнай бядоце – яе бяда. Прынцып паралелізму, які «обуславливает не только повтор фонем, слов, строф, фраз, просодических и синтагматических групп, но и грамматический параллелизм» (Рогоцкая, 2007, 20), супастаўляе аб’ектыўны і суб’ектыўны свет, збліжаючы іх семай ‘еднасць’. Няпоўная кантамінацыя знешняга і ўнутранага характэрна для я і роднай мовы праз месны склон і акузатыў: Калі і я ў табе пакіну след, / Хай не на ўсю ступню, хай напалову, – / Твая заслуга, казачнае слова (Роднай мове), дапоўненыя семантыкай частковасці азначальнай канструкцыі.

Рэляцыйная пара я – ты ў адносінах да лірычнага героя і Айчыны аб’ядноўваецца не абагульненым мы, а сінтаксічнай анафарай з актуалізацыяй зліцця: Усе мае думкі з табою, Айчына, / Усе мае думкі з табою, зямля (Усе мае думкі з табою, Айчына…), дзе я эксплікуецца прыналежнай канструкцыяй духоўнага свету. Такая ж эксплікацыя назіраецца і ў іншых кантэкстах: Бачу – сонца маё ўстае (Мая любоў); Мая дарагая, мая залатая, / Крамлёўскія зоры, цяжкія рубіны; Горад мой мілы за вёрстамі дзесьці (Маскве, 31 снежня 1958 года). Варта адзначыць, што я і ты маюць сваю «комбинаторику оппозиций» (Флейшман, 2006, 38): я – на ўзроўні прыналежнасці: Ах, Беларусь, мая ты доля, / Мая сляза і пацалунак (Ах, Беларусь, мая ты доля…) з лексічным супрацьпастаўленнем сляза – пацалунак; ты – на ўзроўні тэмпаральнасці з актуалізацыяй усечанай апазіцыі мінулае – цяперашняе, заснаванай на лексічных супрацьпастаўленнях: Я цябе ведаю светлай, аконнай, / Ясныя зоры, садовы спакой. / Я ж цябе ведала беднай палоннай – / Самай бяздомнай, няўроднай, сляпой (Усе мае думкі з табою, Айчына…). Мінулае, рэпрэзентаванае імперфектам, мае пеяратыўную аснову праз словазлучэнне бедная палонная і аналітычную прыметнікавую форму самая бяздомная, няўродная, сляпая. Сістэма меліяратыўных вобразаў цяперашняга выражае люстэркавую сіметрычнасць: светлая; аконная; ясныя зоры; садовы спакой.

Вобраз Айчыны ўключае антытэзу з градуальнай антанімічнай парай дзяды – малыя, дзе кампанент сярэднія ў значэнні ‘сталыя’ (Косы) эксплікуе няшчасце: Ні шчасця ў іх, ні людскае сям’і, / Ні паратунку ад таемных слёз, / Ні радасці ад кос, цудоўных кос праз «негации» (тэрмін Ю.І. Левіна [Левин, 1998, 57]), або негатыўныя канструкцыі, з раскрыццём тэмы немагчымасці, недахопу, адсутнасці. Апазіцыя верша сярэднія/тыя, звязаная з цяжкім пасляваенным быццём, нават існаваннем, жанчын сталага ўзросту і загінулымі мужчынамі, сінанімізуе фізічнае жыццё, пазбаўленае духоўнай паўнаты, са смерцю. Для паэтычнага дыскурсу Е. Лось характэрны аксюмаранны вобраз сярэдняга пакалення, які сумяшчае ў сабе супрацьпастаўленне матэрыяльная беднасць – духоўнае багацце: А ўсё-ткі раслі, прыгажэлі на дзіва! / Калі не было і хлеба (Пра пакаленне). Тэматычная лінія сярэдняга пакалення перасякаецца з тэматычнай лініяй моладзі, кантрастуючы па семах ‘знешняе багацце’ – ‘унутранае багацце’, прычым сема ‘ўнутранае багацце’ эксплікуецца праз суб’ектыўную мадальнасць лірычнага я: Ды мне маё даражэйшым здаецца, / З натруджаным добра крыллем. Адначаснае функцыянаванне антонімаў шчасце – гора на ўзроўні агульнамоўнай семантыкі і сінанімічнасці шчасця і гора на ўзроўні паэтычнай структуры садзейнічае мастацкаму эфекту барацьбы, або эфекту падманутага чакання, пры якім паэзія стварае загадкавасць: Кажуць, шчаслівае пакаленне / Тое, што зведала гора.

Апазіцыя святло – цемра паэтычнага дыскурсу Е. Лось эксплікуецца на ўзроўні як інтэгральнасці, так і раз’яднанасці чалавечага і прыроднага свету. У адпаведнасці з гэтым можна вылучыць некалькі разнавіднасцей такіх адносін:

1) паралельны дыялагізм з семай цемры прыроды і чалавека, рэпрэзентаваны азначэннем і прэдыкатывам: Пахмурным днём пахмурна на душы, параўнаннямі: Рашэнне будзе, нібы шэры дзень; А сябра, атрымаўшы просты ліст, / Зажурыцца, нібы асенні ліст (Пахмурным днём пахмурна на душы…);

2) дыялагічная апазіцыя прыроды і чалавека, калі псіхалагічны стан супрацьпастаўляецца прыроднай семантыцы хараства: Здаецца, лета, а трывожна (Бабіна лета); Будзе дождж, а я жадаю буры (Захад пагасіў свае штандары…);

3) няпоўная дыялагічная апазіцыя з інтраспектыўнай асіметрыяй і сіметрычным вобразам прыроды. Вобразна-паэтычны цяперашні актуальны лірычнага я з дэйктычным паказчыкам тут мае сему няпэўнага ўнутранага стану: Я тут расту. / Мне соладка і горка (Дома). У цяперашнім актуальным прыроды ўсе мастацкія дэталі верша рэалізуюць сему святла.

Неадназначная дыялектыка развіцця кахання апазіцыі святло – цемра рэпрэзентуецца праз адносіны рэляцыйнай пары я – ты з эксплікацыяй цемры. Кантэкстуальна сярэднім кампанентам паміж я і ты выступае пранаміналізаваны парадкавы лічэбнік другі ў значэнні ‘іншы’, асабовы займеннік ён і ўказальны займеннік той. Іх сінанімізацыя садзейнічае стварэнню вобраза кахання як неад’емнага складніка кампанента святла. Цемра і святло рэпрэзентуюць выбар я паміж ты і другім, прычым у пары я – ты адсутнічае шчырая ўзаемнасць з боку я, што актуалізуецца дзеясловамі закончанага трывання з семантыкай мінулага кахання: не здагадаўся ты ані (Калі вярнулася дамоў…); я так табой перахварэла; надзея на зары згарэла (Я так табой перахварэла…). Пачуцці пары я – другі (ён, той) фарміруюцца дзеясловамі незакончанага трывання са значэннем працягу адносін: чыё імя хавала ў сэрцы з даўніх пор (Калі вярнулася дамоў…); Ім дні жыла, яго начамі сніла, / Ён гордым птахам плыў перада мной (Калі б ты ведаў, кінуўся б, нябога…). У дыялектыцы кахання я зліваецца з ты і другім пры захаванні адпаведнай аспектуальнай семантыкі. Мы на аснове аб’яднання я і ты паступова «распадаецца» ў перфекце: мы развіталіся ў цішы (Лістота кружыць, як сняжынкі…), мы як складнік я і другога актуалізуецца ў прэзенсе: Мне голас твой нагадвае другога, / Я не адна з табою – мы ўдваіх (Калі б ты ведаў, кінуўся б, нябога…). Узнікае аспектуальна-тэмпаральная апазіцыя прошлы час закончанага трывання / цяперашні час незакончанага трывання з вербалізацыяй дыялектыкі кахання.

У апазіцыі цяпло – холад Е. Лось інтэграцыя эксплікуецца на чатырох узроўнях:

1) прырода і чалавек, аб’яднанасць якіх актуалізуецца прыналежным займеннікам: І бярозы мае вясёлыя; метафарамі: Да сцюжы непадрыхтаванай / бывае і душа сама (Нечаканы прыход зімы); У сэрцы маім не абсыпецца травень (Чаромхавы поезд); параўнаннямі: Мой час па-рознаму бяжыць: / То з гулам / як вясновы гром, / То ціхенька, нібы ручай, / То скокам-бокам, нібы ліст (Мой час па-рознаму бяжыць…). Для лірычнага я Е. Лось сувязь з прыродай адбываецца праз цеплыню анафарычнага маё з парадыгмай мая, мой, супрацьпастаўленага холаду агульнага наша: У ім, нібы праменьчык сонца, / Цвіце маё на ясных гонях (Мы гучна услаўляем наша…). У адасабленні ад бязлікага мы ў форме прыналежнага наша магчыма знайсці гармонію як знешняга, так і ўнутранага быцця – гэта паэтычная філасофія Е. Лось эксплікуецца сэнсавай і граматычнай апазіцыямі. Верш Мой мір неўміручы…, пабудаваны на сінтаксічным паралелізме, стварае дыялагізм інтраспектыўнага і знешняга плана праз дзве тэматычныя лініі. У першай прыналежныя канструкцыі рэпрэзентуюць гарманічны ўнутраны стан лірычнага я, што пацвярджае таксама і прамы парадак слоў: Мой мір неўміручы, / мой свет прасвятлёны, / мой жнівень цвітучы. Зладжанасць духоўнага свету я зліваецца з наваколлем праз гукавую субструктуру верша – семантызаваныя комплексы мі, св: З мірам – міруся, / У свеце – світаю. Асабліва неабходна звярнуць увагу на паўторныя гукавыя элементы з устанаўленнем пэўнай упарадкаванасці, як у прыведзеным прыкладзе, якая звязвае семантыку знешняга са значэннем гарманічнага ўнутранага стану;

2) чалавечы свет, еднасць якога рэпрэзентуецца ў Е. Лось паэзіяй і сынам. Рух насустрач у пары я (паэт) – людзі выражаецца формамі акцыянальнага дзеяслова ісці з залежнымі пазітыўнаацэначнымі прыслоўямі: А людзі добрыя ідуць / Насустрач мне непалахліва; І я іду да іх аддана (Хоць кажуць, што пяюць паэты…). Рух у пары я (маці) – сынок мае аднавектарны напрамак з рознай эмацыянальна-экспрэсіўнай канатацыяй семантыка-стылістычных сінонімаў ісці, плесціся – упэўнена-жаданай, калі я вяртаецца з прыроднага свету, эксплікаванага верхам (неба) і нізам (ралля): Я да цябе іду, душа святая, / ад неба, акіяна і раллі (Сынок, сынок…), і негатыўнай у выніку адмоўных кантактаў з людзьмі: Я часам не іду – плятуся ў зморы / ад розных неспагадлівых людзей. Пасля вяртання маці два лірычныя суб’екты «зліваюцца» ў мы сумеснага дзеяння: стругаем, месім, бяром (У нашым доме сонечна, сынок…). Нават у адасабленні ад сына, вербалізаванага дзеяслоўным словазлучэннем вяду да вас, прысутнічае сема еднасці прыналежнага займенніка сваё: Настаўніца першага класа, / вяду я да вас сваё шчасце (Настаўніцы першага класа);

3) прыродны свет, які сумяшчае цяпло і холад праз: а) вобразы чаромхі і лютага: Я бачыла чаромху ў лютым (Чаромха ў лютым), прычым эксплікацыя холаду ўключае антытэзу сцюжаю прадзьмутым – палагаднелыя марозы, другі кампанент якой мае сему цяпла. Яна таксама з’яўляецца складнікам вобраза майскага ветру, дапоўненага памяншальна-ласкальнай формай халадок: Чаромха любіць халадок, / ёй даспадобы вецер майскі (Чаромха любіць халадок…); б) парадыгму супрацьпастаўленняў восень – зелянеюць таполі, чарот; спякота з эксплікацыяй поўдня і за гарамі зімовая сцюжа – лета няма; зжатая ніва (рэпрэзентанты Радзімы), у выніку чаго актуалізуецца інварыянтная апазіцыя гарызантальнай прасторы тут/там (Якая там восень пад небам паўднёвым!..);

4) Радзіма і чужына, прычым семантыка роднага краю пранікае ў далёкую поўнач праз аб’яднальны вобраз кветак, што садзейнічае сінанімізацыі кампанентаў тут, там: Запунсавелі там на ўлонні, / Як дома, мальвы ля акон! (Яснавокія мальвы).

Нягледзячы на кантамінацыю, калі «восстанавливается единство человека с миром» (Альфонсов, 2001, 64), Е. Лось дапускае альтэрнатыўны варыянт, які праяўляецца ў дэйктыках тут і там. Семантыка там разгортваецца праз цяпло поўдня і холад поўначы антытэзы спякота – мароз з найбольш эксплікаванай парадыгмай холаду: ільды, завеі, зіма, пінгвіны, дзяды-марозы (Самалёты ляцяць у Мірны…), чэзлы, сіпла, шарэла, стылая (Яснавокія мальвы). Кантрасны вобраз Радзімы дэйктычнага паказчыку тут рэпрэзентуецца семай множнасці паўторных канструкцый Снегу, снегу – не праехаць, / Снегу, снегу – не прайсці! (Снегу, снегу…) з узмацненнем значэння холаду і акцыянальнымі дзеясловамі прэзенса цяпла абуджаюцца, уецца, набіраюць (Сакавік). Тым не менш, лірычнае я Е. Лось аднолькава камфортна адчувае сябе і ў цяпле, і ў холадзе Бацькаўшчыны, што пацвярджае градацыйнасць кампанентаў сцюжа – дажджы – спёкі сінтаксічнага паралелізму: Дай перамерзнуць у сцюжах тваіх, / Дай перамокнуць у сотнях дажджоў, / Дай перасмягнуць у тысячы спёк, / Мая дарагая Радзіма! (Дай перамерзнуць у сцюжах тваіх…).

Такім чынам, базавымі ўніверсальнымі катэгорыямі дыскурсу Е. Лось з’яўляюцца сэнсавыя апазіцыі жыццё – смерць, святло – цемра, цяпло – холад. Іх разнастайная лексіка-граматычная рэпрэзентацыя адбываецца праз рэляцыйную пару я – ты з эксплікацыяй інтымных і грамадзянскіх адносін. Інтэгральнасць паэтыкі Е. Лось праяўляецца на ўзроўні апазіцый жыццё – смерць, цяпло – холад, інтэгральнасць і раз’яднанасць чалавечага і прыроднага свету – на ўзроўні апазіцыі святло – цемра. Паэзія Е. Лось з эфектамі супастаўлення і супрацьпастаўлення ўяўляе адметную моўную сістэму, у якой словы, набываючы камбінаторныя прырашчэнні сэнсу, ствараюць выразныя індывідуальна-аўтарскія вобразы і становяцца паказчыкамі спецыфікі ідыястылю.



* e-mail: tstarascienka@gmail.com


Библиография

Альфонсов, В.Н. (2001). Поэзия Бориса Пастернака. Санкт-Петербург: САГА.

Кихней, Л.Г. (1997). Поэзия Анны Ахматовой. Тайны ремесла. Москва: Диалог-МГУ.

Левин, Ю.И. (1998). Избранные труды. Поэтика. Семиотика. Москва: Языки русской культуры.

Макуренкова, С.А. (1994). Джон Данн: поэтика и риторика. Москва: Академия.

Рашковский, Е.Б. (2016). Философия поэзии, поэзия философии. Санкт-Петербург: Алетейя.

Рогоцкая, И.В. (2007). Проблемы анализа художественного и поэтического текста. Ярославль: Издательство Ярославского государственного педагогического университета.

Флейшман, Л. (2006). От Пушкина к Пастернаку. Избранные работы по поэтике и истории русской литературы. Москва: Новое литературное обозрение.

Фоменко, И.В. (2002). Три статьи о поэтике: Пушкин. Тютчев. Бродский. Тверь: Издательство Тверского государственного университета.

***

Al.’fonsov, V.N. (2001). Poeziya Borisa Pasternaka. St. Petersburg: SAGA.

Fleishman, L. (2006). Ot Pushkina k Pasternaku. Izbrannye raboty po poetike i istorii russkoi literatury. Moscow: Novoe literaturnoe obozrenie.

Fomenko, I.V. (2002). Tri stat’i o poetike: Pushkin. Tyutchev. Brodskii. Tver: Izdatel’stvo Tverskogo gosudarstvennogo universiteta.

Kikhnei, L.G. (1997). Poeziya Anny Akhmatovoi. Tainy remesla. Moscow: Dialog-MGU.

Levin, Yu.I. (1998). Izbrannye trudy. Poetika. Semiotika. Moscow: Yazyki russkoi kul’tury.

Makurenkova, S.A. (1994). Dzhon Dann: poetika i ritorika. Moscow: Akademiya.

Rashkovskii, E.B. (2016). Filosofiya poezii, poeziya filosofii. St. Petersburg: Aleteiya.

Rogotskaya, I.V. (2007). Problemy analiza khudozhestvennogo i poeticheskogo teksta. Yaroslavl: Izdatel’stvo Yaroslavskogo gosudarstvennogo pedagogicheskogo universiteta.


COPE
CC

Received: 29.12.2021. Verified: 04.03.2022. Accepted: 05.09.2022.