Acta Universitatis Lodziensis. Folia Linguistica Rossica, XX, 2021: 61–71
https://doi.org/10.18778/1731-8025.20.05

Вікторыя Лухверчык (Vіktoryya Lukhverchyk)*

Orcidhttps://orcid.org/0000-0002-8009-8129

Інтэрпрэтацыя гемеронімаў у лінгвістычным дыскурсе

Резюме: У артыкуле аналізуюцца ўсходнеславянскія лінгвістычныя даследаванні, прысвечаныя рознааспектнаму апісанню гемеронімаў. Мэта даследавання – акрэсліць месца гемеронімаў у лінгвістычнай літаратуры, разгледзець погляды лінгвістаў адносна наяўнасці / адсутнасці семантыкі ва ўласных імёнах, вызначыць прыярытэтныя вектары ў даследаванні назваў перыядычных выданняў, тэле- і радыёперадач. У працы адзначаецца, што аналіз назваў перыядычных выданняў, тэле- і радыёперадач ў беларускім мовазнаўстве абмяжоўваецца адзінкавымі артыкуламі (Л.А. Гадуйка, В.Г. Сцеранчук, В.А. Зразікава, У.А. Сцяпанаў). Ва ўсходнеславянскай лінгвістыцы фіксуюцца асобныя манаграфічныя даследаванні, аб’ектам вывучэння ў якіх з’яўляецца названы тып онімаў (працы М.А. Драгайцавай, М.С. Дуднікавай, Т.І. Кравец, Л.Р. Мухаметзянавай, М.М. Сулейман). У дадзеным артыкуле выкарыстоўваюцца апісальны метад сінхроннага аналізу з элементамі дыяхраніі, а таксама параўнальна-супастаўляльны метад. Зроблена выснова, што ў сучаснай лінгвістычнай навуцы адзначаецца пэўная цікавасць аўтараў да вывучэння гемеронімаў, што абумоўлена павышэннем ролі сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці грамадства, аднак да гэтага часу не вырашана пытанне аб адсутнасці / наяўнасці семантыкі ва ўласных імёнах і канчаткова не вызначана месца гемеронімаў у анамастычнай сістэме. Вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны пры далейшым даследаванні праблем усходнеславянскай анамастыкі.

Ключевые слова: онім, гемеронім, назва перыядычнага выдання, назва тэлеперадачы, назва радыёперадачы

Interpretation of Hemeronyms in Linguistic Discourse

Summary: The article analyses the East Slavic linguistic studies devoted to the multidimensional description of hemeronyms. The purpose of the study is to outline the place of hemeronyms in linguistic literature, to consider the views of linguists regarding the presence or absence of semantics in proper names, to determine priority vectors in the study of the names of periodicals, television and radio programmes. The extent analysis of the names of periodicals, television and radio programmes in Belarusian linguistics is limited to single articles (L.A. Goduyko, V.G. Steranchuk, V.A. Zrazikova, V.A. Stepanov). In the East Slavic linguistics, individual monographic studies are available on the type of onyms (works by M.A. Dragaitseva, M.S. Dudnikova, T.I. Kravets, L.R. Mukhametzyanova, M.M. Suleiman). This article uses a descriptive method of synchronous analysis with elements of the diachrony and the comparative method. The author concludes that in the modern linguistic science authors register certain interest in the studying of hemeronyms, which is due to the increasing role of the mass-media in social life. Yet, the issue of absence or presence of semantics in the proper names has not been resolved yet, and the place of hemeronyms in the onomastic system has not been finally determined. The results of the study can be used in further research into the problems of the East Slavic onomastics.

Keywords: onyms, hemeronyms, names of periodicals, names of television programs, names of radio programs


Анамастыка з’яўляецца разгалінаваным раздзелам мовазнаўства, які аб’ядноўвае ў групы (віды, тыпы, раздзелы і г. д.) розныя ўласныя імёны. Вывучэнне анамастычных рэалій ў лінгвістычнай навуцы праводзіцца нераўнамерна. Некаторыя ўласныя імёны атрымалі дастаткова шырокае апісанне ў спецыяльнай літаратуры (антрапонімы, тапонімы і інш.), у сваю чаргу іншыя разрады онімаў (палітонімы, эмпаронімы, бібліонімы і інш.) прадстаўлены асобнымі аспектнымі даследаваннямі і адзінкавымі манаграфічнымі працамі.

Даследаванне беларускіх гемеронімаў (назваў перыядычных выданняў, тэле- і радыёперадач) ажыццяўляецца ў адзінкавых навуковых артыкулах У.А. Сцяпанаў (2020), Л.А. Гадуйка, В.Г. Сцеранчук (2011), В.А. Зразікава (2018). Грунтоўных даследаванняў, прысвечаных аналізу названых онімаў, у беларускай лінгвістыцы няма. Ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве створаны асобныя дысертацыйныя даследаванні, прысвечаныя вывучэнню назваў перыядычных выданняў, тэле- і радыёперадач.

Побач з апісаннем лінгвістычных асаблівасцей гемеронімаў важным з’яўляецца і агляд тэарэтычных праблем уласных імён. Сярод асноўных дыскусійных пытанняў тэарэтычнай анамастыкі (якія актуальныя і для апісання гемеронімаў), на наш погляд, важнае месца займае праблема класіфікацыі онімаў і даследаванне іх семантыкі.

Пытанне пра класіфікацыю онімаў падаецца адным з найбольш складаных. Гэта пацвярджаецца адсутнасцю адзінай класіфікацыі онімнай лексікі. Праблему тыпалагізацыі уласных імён у сваіх работах разглядалі А.В. Супяранская, Н.У. Падольская, В.І. Фанякова і інш.

Найбольш распаўсюджанай з’яўляецца класіфікацыя, прапанаваная А.В. Супяранскай (1973). Усю сукупнасць онімаў даследчык падзяліла на тры асноўныя групы:

  1. імёны жывых істот і істот, якія ўспрымаюцца як жывыя;
  2. найменні нежывых прадметаў;
  3. уласныя імёны комплексных аб’ектаў.

У першую групу ўваходзяць асабовыя імёны (антрапонімы), мянушкі жывёл (заонімы) і імёны істот з міфаў, казак, эпапей (міфонімы).

Другая група ўключае назвы населеных пунктаў (тапонімы), найменні касмічных аб’ектаў (касмонімы і астронімы), раслін (фітонімы), назвы прылад працы (хрэматонімы), назвы сродкаў руху, гатункавых і гандлёвых марак.

Да апошняй групы А.В. Супяранская адносіць назвы ўстаноў, прадпрыемстваў, асацыяцый, таварыстваў; хранонімы (назвы гістарычна значных перыядаў часу); імёны ўрачыстых мерапрыемстваў, свят і юбілеяў; назвы падзей, войнаў і важных кампаній; назвы твораў літаратуры і мастацтва; дакументонімы (назвы важных дакументаў); прыродныя назвы катастроф; фалеронімы (назвы ордэнаў і медалёў). Да гэтай жа групы належаць і назвы перыядычных выданняў, тэле- і радыёперадач.

У слоўніку рускай анамастычным тэрміналогіі Н.У. Падольская дапоўніла і пашырыла прадметна-намінатыўную класіфікацыю А.В. Супяранскай (1973). Тыпалагічная сістэматызацыя Н.У. Падольскай налічвае каля 50 разрадаў і адрозніваецца тым, што ў ёй усе ўласныя імёны падзяляюцца спачатку на 3 групы, а затым размяркоўваюцца на падгрупы:

  1. імёны касмічнай прасторы;
  2. імёны зямной прасторы, якія падзяляюцца на імёны зямной прасторы (жывая і нежывая прырода) і імёны зямной прасторы (суша і Сусветны акіян);
  3. імёны сферы чалавечай дзейнасці.

Пад гемеронімам аўтар разумее «від ідэоніма, уласнае імя органаў перыядычнага друку, у тым ліку газет, часопісаў, інфармацыйных бюлетэняў» (Подольская, 1978, 46).

На прынцыпы, распрацаваныя і абгрунтаваныя А.В. Супяранскай, абапіраецца і Д.І. Ермаловіч (2001). Усяго аўтарам вылучана 7 груп онімаў. У параўнанні з класіфікацыяй А.В. Супяранскай, антрапонімы былі ўключаны ў групу «персаналій» побач з персаналіямі змешанага тыпу і мянушкавымі персаналіямі. Таксама ў класіфікацыю не ўвайшлі такія разрады, як хранонімы, фітонімы і міфонімы. «Назвы органаў друку, выдавецтваў, тэлевізійных каналаў і іншых сродкаў масавай інфармацыі» (Ермолович, 2001, 126) Д.І. Ермаловіч разглядае ў групе назваў кампаній і арганізацый.

Пры тыпалагізацыі ўласных адзінак В.І. Фанякова дыферэнцыруе наступныя групы онімаў: антрапонімы, тапонімы, касмонімы, заонімы, хранонімы, хрэматонімы, тэонімы і міфонімы, літаратурныя антрапонімы, заонімы, тапонімы і інш. (1990). Класіфікацыя аўтара заснавана на сінтэзе падыходаў Н.У. Падольскай і А.В. Супяранскай. На думку В.І. Фаняковай, гемеронімы належаць да «хрэматонімаў – індывідуальных назваў прадметаў і прадуктаў духоўнай і матэрыяльнай культуры народа – газет, часопісаў, кніг, кінафільмаў, касмічных караблёў і г. д.» (Фонякова, 1990, 4).

Вывучэнне ўласных імён на працягу многіх стагоддзяў не прывяло да фарміравання адзінага меркавання і адносна наяўнасці семантыкі ў дадзенай катэгорыі лексічных адзінак.

У лінгвістычнай літаратуры склаліся два супрацьлеглыя падыходы адносна вызначэння семантыкі онімаў: 1. асемантычны; 2. семантычны.

Прыхільнікамі асемантычнага падыходу, пры якім онімы разглядаюцца як «семантычна полыя» знакі, «недасканалыя», якія не маюць значэння наогул, і таму выконваюць ролю знака-пазнакі, этыкеткі, з’яўляюцца В.С. Ахманава, А.А. Рэфармацкі, Н.Д. Аруцюнава і інш. Згодна з такім падыходам онімы вызначаюцца як «разрад непаўназначных слоў, якія валодаюць толькі семамі адушаўлёнасці, асобы і полу» (Бурцев, 2007, 5), характарызуецца аслабленасцю значэння, а то і поўнай яго адсутнасцю. У прыватнасці, у дапаможніку Е.М. Галкінай-Федарук адзначаецца, што «імёны ўласныя не заключаюць у сабе ні паняцця, ні значэння. Яны з’яўляюцца толькі распазнавальным знакам» (1956, 53). Па словах М.В. Нікіціна, імя ўласнае «нічога не паведамляе пра рэч, якую абазначае» (1996, 36).

Адным з першых супрацьлеглае меркаванне адносна семантычнасці ўласных імён выказаў О. Есперсэн, сцвярджаючы, што з лінгвістычнага пункту гледжання паміж онімамі і апелятывамі няма дакладнай мяжы, «паколькі розніца паміж імі колькасная, а не якасная» (2002, 76–77).

Прытрымліваючыся меркавання, што ўласныя імёны здольныя выказваць паняцце, Ф.І. Буслаеў у граматыцы адзначаў: «… імёны ўласныя, якімі мы абазначаем уяўленне непадзельнае, ёсць такія ж абагульненыя паняцці, як і імёны агульныя» (1959, 6–7). Прыхільнікамі гэтага ж пункту гледжання з’яўляюцца А.А. Патабня, Л.У. Шчэрба і інш.

Адносна наяўнасці семантыкі ва ўласных адзінак У.Р. Гакам зроблена наступная выснова: «…Усякае слова валодае лексічным значэннем, адрозненне заключаецца ў спосабе яго рэалізацыі, у ступені самастойнасці і вылучанасці. Імёны ўласныя таксама ўтрымліваюць элементы сігніфікатыўнага боку значэння, паколькі падводзяць адзінкавы аб’ект пад некаторыя класы аб’ектаў» (Гак, 2002, 262).

У апошнія дзесяцігоддзі ўласныя імёны ўсё часцей разглядаюцца як адзінкі, што валодаюць значэннем, з агаворкай пра яго «спецыфічнасць», якая трактуецца па-рознаму.

Аўтары калектыўнай манаграфіі «Тэорыя і методыка анамастычных даследаванняў» прытрымліваюцца думкі, што імя ўласнае валодае лінгвістычным і экстралінгвістычным кампанентамі значэння. У першы ўключаюцца «асаблівыя матывы наймення, спецыфіка існавання імя ў мове, яго сучаснае ўспрыманне, гісторыя імя, этымалогія яго асновы», а ў другі – «асаблівыя ўмовы існавання імя ў грамадстве, культурна-гістарычныя асацыяцыі, якія з ім звязаны, спецыфіка сувязі імя з названым аб’ектам, ступень вядомасці аб’екта і яго імя» (Суперанская, Сталтмане, Подольская, Султанов, 2007, 104).

Лексічнае значэнне ўласнага імя, паводле меркавання Д.І. Ермаловіча, складаецца з некалькіх кампанентаў. У якасці асноўных даследчык вылучае:

а) быційны, або інтрадуктыўны – існаванне і прадметнасць абазначанага;

б) класіфікацыйны – прыналежнасць прадмета да вызначанага класа (дэнатат імя);

в) індывідуалізацыйны – спецыяльная прызначанасць дадзенага імя для называння аднаго з прадметаў у рамках дэнатата (рэферэнт імя);

г) характарызацыйны – набор прыкмет рэферэнта, дастатковых, каб суразмоўцы разумелі, пра што ці пра каго ідзе гаворка (Ермаловіч, 2001).

У дапаможніку М.Ф. Алефірэнкі праводзіцца параўнальны аналіз існуючых канцэпцый і падыходаў да разумення пытання аб катэгорыі моўнага значэння і звяртаецца ўвага на спецыфіку анамастычнай семантыкі. Даследчык адзначае, што тэарэтычныя пошукі ў галіне семантыкі ўласнага імя можна звесці да дзвюх навуковых парадыгмаў – лінгвафіласофскай і маўленча-мысленчай. У рамках лінгвафіласофскай парадыгмы семантыка онімаў і апелятываў супрацьпастаўляецца лагічнай апазіцыі «адзінкавае – агульнае», што абумоўлівае ў маўленча-мысленчай парадыгме неабходнасць асэнсавання прыроды анамастычнай семантыкі ў тэрмінах, якія суадносяць онімы з адпаведнымі намінантамі (рэферэнт, дэнатат, сігніфікат). Аўтар сцвярджае, што «... у семантыцы оніма фіксуецца і тая індывідуальная прымета, якой дадзены аб’ект наймення вылучаецца з сукупнасці іншых аднатыпных аб’ектаў (рэферэнтнае значэнне оніма), і тая групавая прымета, па якой гэты аб’ект адносіцца да адпаведнага класу аб’ектаў (дэнататыўнае значэнне)» (Алефиренко, 2005, 203–204).

Слушным з’яўляецца і меркаванне В.І. Супруна, што перыферыйныя адзінкі, да якіх належаць і гемеронімы, праяўляюць сваю семантыку толькі з дыферэнцавальным агульным імем (Супруна, 2000, 262). Так, напрыклад, субстантыў асвета ўжываецца ў якасці назвы часопіса, адукацыйнага цэнтра, кніжнага магазіна і інш.

Сярод спецыяльных даследаванняў, прысвечаных аналізу гемеронімаў, адзначаюцца працы М.А. Драгайцавай, М.С. Дуднікавай, Т.І. Кравец, Л.Р. Мухаметзянавай, М.М. Сулейман.

Упершыню да аналізу гемеронімаў у дысертацыйным даследаванні «Название газеты: ономасиологический и стилистический аспекты» звярнулася Т.І. Кравец (2002). Матэрыялам для вывучэння паслужылі 500 назваў расійскіх газет двух перыядаў – сучаснага, звязанага з ажыццяўленнем дэмакратычных рэформ (1989–1999), і перыяду, звязанага з сацыялістычнай рэвалюцыяй (1913–1923). Выбар фактычнага матэрыялу абгрунтоўваецца тым, што дадзеныя этапы паказальныя для параўнання, паколькі акрэсленыя перыяды характарызуюцца каардынальнымі пераўтварэннямі ў грамадстве (зменай палітычнага курса) і імклівым ростам перыядычнага друку.

Аўтарам устаноўлены тыпы намінацыі газетнага выдання і вызначаны асаблівасці ўплыву ідэалогіі на «імя» газеты.

У дысертацыйным даследаванні Л.Р. Мухаметзянавай аналізуюцца назвы газет і часопісаў Рэспублікі Татарстан (2018). Аналіз праведзены на аснове 1468 адзінак, зафіксаваных з пачатку ХІХ ст. да нашага часу. Аўтарам вызначаны камунікатыўны статус гемеронімаў, устаноўлены фактары, якія ўплываюць на працэс выбару назвы перыядычнага выдання, праведзены аналіз лексіка-семантычных і структурна-граматычных асаблівасцей назваў газет і часопісаў.

Даследаванне М.С. Дуднікавай прысвечана вывучэнню назваў англамоўных тэлевізійных забаўляльных перадач Брытаніі і ЗША (2011). Аб’ектам вывучэння паслужылі 1350 адзінак, якія з’явіліся з 1950 г. Прынцып выбару онімаў – экстралінгвістычны і звязаны з частотнасцю выхаду перадач (не радзей за адзін раз на два тыдні). У дысертацыйным даследаванні назвы тэлеперадач аўтар кваліфікуе як адзінкі малафарматных тэкстаў. Супастаўляльны аналіз намінатыўнага патэнцыялу назваў тэлеперадач у брытанскім і амерыканскім тэледыскурсе сведчыць пра тое, што намінатыўная парадыгма адзначаных онімаў адзіная для тэлевізійнай дыскурсіўнай прасторы Брытаніі і ЗША. Разам з тым адзначаецца, што «назвы амерыканскіх перадач больш інфарматыўныя, чым назвы брытанскіх забаўляльных праграм, паколькі асноўная мэта намінатыўных адзінак у амерыканскім тэлевізійным дыскурсе – коратка, але інфарматыўна і прагматычна адэкватна перадаць камунікатыўную ідэю перадачы, яе зместавы аспект» (Дудникова, 2011, 17). У сваю чаргу ў назвах брытанскіх тэлеперадач выяўлена большая разнастайнасць моўных адзінак, якія належаць да розных лексіка-граматычных разрадаў, што, аднак, не садзейнічае максімальнаму аб’ёму інфармацыі аб змесце праграмы.

У супастаўляльным аспекце назвы тэлеперадач прааналізавала і М.М. Сулейман (2019). Праца прысвечана аналізу расійскіх і брытанскіх назваў тэлеперадач як сродкаў масавай інфармацыі, якія функцыянуюць у сучасным тэлевізійным дыскурсе дзвюх краін. Даследаванне праведзена з пазіцыі анамасіялагічнага і прагмалінгвістычнага падыходаў. Матэрыялам для яго былі абраны назвы тэлеперадач расійскіх і брытанскіх тэлевізійных каналаў, якія выходзілі ў эфір з 2008 да 2018 гг. (1280 адзінак). У дысертацыйным даследаванні М.М. Сулейман акрэсліла месца тэлеперадач у сістэме ўласных імён, выявіла рысы падабенства і адрознення ў прынцыпах і спосабах намінацыі расійскіх і брытанскіх тэлеперадач, вызначыла прагматычныя прынцыпы стварэння і моўныя сродкі прагматызацыі назваў расійскіх і брытанскіх тэлеперадач.

У манаграфічнай працы М.А. Драгайцавай Коммуникативная эффективность медианоминации (на материале названий региональных печатных средств массовой информации) эмпірычнай базай паслужылі 397 сучасных назваў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Цэнтральна-Чарназемнага рэгіёну Расійскай Федэрацыі (2019). У працы абгрунтоўваецца правамернасць і мэтазгоднасць выкарыстання тэрміна «медыянамінацыя» і нефункцыянальнасць тэрміна «гемеронім». Назвы рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў дысертацыі аналізуюцца з боку іх структурна-лінгвістычных асаблівасцей, а таксама на аснове тэматычных сегментаў расійскага выдавецкага рынку. У працы праводзіцца аналіз асноўных складнікаў камунікатыўнай эфектыўнасці медыянамінацыі: асацыятыўная адпаведнасць, фанетычная мілагучнасць, матывацыйны патэнцыял. На аснове выкананага даследавання аўтарам абгрунтоўваецца алгарытм стварэння камунікатыўна эфектыўнай медыяназвы, якая можа быць выкарыстана ў практыцы работы СМІ.

Пры вывучэнні анамастычных адзінак дастаткова часта ў лінгвістычных даследаваннях ў якасці апісальнага матэрыялу выкарыстоўваюцца некалькі груп онімаў.

У дысертацыі І.В. Крукавай вызначаецца месца пагранічных разрадаў уласных імён у анамастычнай прасторы, іх лінгвістычныя асаблівасці (1993). На матэрыяле эргонімаў і гемеронімаў паказаны асноўныя прынцыпы і спосабы штучнай намінацыі ў перыферыйнай зоне анамастычнай прасторы. Зроблены вывад, што ў гемеронімаў у параўнанні з эргонімамі назіраецца большая разнастайнасць семантыка-матывіровачных і структурна-словаўтваральных мадэлей.

У манаграфічным даследаванні І.В. Крукавай апісаны спосабы ўзуалізацыі рэкламных імён (роля паралінгвістычных сродкаў і функцый у рэкламным тэксце) і выяўлены асаблівасці іх успрымання (2004). Аб’ектам даследавання паслужылі рэкламныя імёны, да якіх аўтар адносіць «слоўныя таварныя знакі (прагматонімы), назвы прадпрыемстваў (эргонімы), назвы сродкаў масавай інфармацыі (гемеронімы), назвы фестываляў, конкурсаў, канцэртаў (геартонімы), назвы транспартных сродкаў (парэйонімы)» (Крюкова, 2004, 1). І.В. Крукава вылучыла прынцыпы намінацыі рэкламных назваў. У сабраным матэрыяле былі выдзелены вялікія групы імён, якія адлюстроўваюць істотныя прыметы рэаліі, для гемеронімаў – гэта тэматыка сродку масавай інфармацыі, а таксама месца размяшчэння выдавецтва газеты або часопіса.

Разглядаючы набор паралінгвістычных сродкаў, вызначаючы іх функцыі і матывы выбару сродкаў для афармлення рэкламнага імя, даследчык звяртае ўвагу на разнастайныя спалучэнні графічнага (выяўленчага) і моўнага кампанентаў, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца менавіта ў рэкламных назвах. Зроблены вывад, што паралінгвістычныя сродкі ў рэкламных тэкстах нясуць істотную функцыянальную нагрузку. Па назіраннях І.В. Крукавай, тэхнічная, інфарматыўная і эстэтычная функцыі з’яўляюцца ўніверсальнымі для рэкламных імён, эматыўная, сімвалічная і характаралагічная – прыватнымі.

Пры вывучэнні т. зв. моўнай моды ў рускай анамастыцы А.В. Урублеўская выявіла асаблівасці «моднага вынаходніцтва», а таксама намінацыйныя тэндэнцыі ў антрапаніміі і рэкламнай намінацыі (2017). Следам за І.В. Крукавай да адзінак рэкламнай намінацыі аўтар адносіць эргонімы, прагматонімы, гемеронімы і ўрбанонімы. Побач з іншымі перыферыйнымі разрадамі анаматалогіі для аналізу былі абраны 5000 назваў газет і часопісаў. Аналіз назваў перыядычных выданняў праведзены побач з аналізам назваў урачыстых мерапрыемстваў – адзінак, якія належаць да прадуктаў інтэлектуальнай дзейнасці. Сярод агульных тэндэнцый для ўтварэння назвы перыядычнага выдання і назвы ўрачыстага мерапрыемства былі вылучаны наступныя:

  1. выкарыстанне ададрасатных назваў з прыналежнымі займеннікамі, якія былі папулярнымі ў першыя гады савецкага перыяду, што адлюстроўвае цыклічнасць моды; а таксама ададрасных назваў на аснове моўнай гульні, што паказвае прыналежнасць дадзеных імён да мовы рэкламы;
  2. стварэнне заходнеарыентаваных назваў, якія захоўваюць актуальнасць да гэтага часу. Адрозненні ў «модных тэндэнцыях» паміж гемеронімамі і геартонімамі заключаюцца ў тым, што ў геартаніміі праяўляюцца патрыятычныя назвы, а ў гемераніміі – настальгічныя назвы і намінацыі, арыентаваныя на новы стыль жыцця і новыя рэаліі (Врублевская, 2017, 11).

У даследаванні В.В. Кірпічовай праводзіцца комплексны лінгвакагнітыўны і лінгвапрагматычны аналіз тыпаў уласных адзінак ў англа-, нямецка-, украінска- і рускамоўных рэкламных тэкстах (2007). Аўтарам адзначаецца, што сярод перыферыйных разрадаў уласных імён у анамастыконе рэкламнага тэксту вылучаюцца артыонімы, эргонімы, гемеронімы як найбольш частотныя і геартонімы, фалеронімы як менш частотныя. Зроблена выснова, што названыя разрады онімаў найбольш звязаны з кагнітыўнымі катэгорыямі «сям’я як сацыяльная каштоўнасць», «дакладнасць / надзейнасць», «нацыянальная самабытнасць», «незвычайнасць / экзатычнасць», гэта дазваляе ім нават пры аднаразовым ужыванні аказваць шматузроўневае рэкламнае ўздзеянне (Кирпичева, 2007, 156).

У даследаванні Н.Б. Гарбоўскай аналізуюцца онімныя і адонімныя наватворы ў сучасных мас-медыйных тэкстах (2006). У рабоце праведзены семантыка-словаўтваральны і камунікатыўна-прагматычны аналіз зафіксаваных адзінак. Аўтарам зроблена выснова, што асноўнай базай адонімнага словаўтварэння з’яўляюцца антрапонімы, адэргонімныя наватворы сустракаюцца радзей. У якасці ўтваральных асноў таксама актыўна выкарыстоўваюцца назвы музыкальных груп (музонімы), мас-медыйных выданняў, тэле-, радыёпраграм і перадач (медыяонімаў), якія ўваходзяць у культурны тэзаўрус людзей (Гарбовская, 2006).

Такім чынам, у апошнія дзесяцігоддзі ў спецыяльнай літаратуры назіраецца цікавасць да вывучэння перыферыйных разрадаў анаматалогіі, у цэлым, і гемеронімаў у прыватнасці. Аднак аналіз выяўленых даследаванняў дазваляе зрабіць наступныя вывады:

  1. у лінгвістычным дыскурсе адсутнічае адзіны падыход да класіфікацыі ўласных адзінак, што звязана з іх шматлікасцю і адсутнасцю ўніверсальных прынцыпаў іх тыпалагізацыі;
  2. да сённяшняга часу не вырашана пытанне аб семантычнасці онімаў. У сучасным мовазнаўстве вылучыліся два асноўныя падыходы да вызначэння семантыкі ўласных адзінак: асемантычны (В.С. Ахманава, А.А. Рэфармацкі, Н.Д. Аруцюнава і інш) і семантычны (Ф.І. Буслаеў, А.А. Патабня, Л.У. Шчэрба і інш);
  3. аналіз гемеронімаў у зафіксаваных даследаваннях праведзены фрагментарна і не дае поўнага ўяўлення пра сістэму дадзенай катэгорыі адзінак. Гэта тлумачыцца шэрагам фактараў:

а) выбар фактычнага матэрыялу ў многіх працах абмежаваны дастаткова непрацяглым перыядам. У прыватнасці, матэрыялам для даследавання М.А. Драгайцавай былі абраны назвы друкаваных сродкаў масавай інфармацыі двух гадоў (2017–2018), у манаграфіі М.М. Сулейман матэрыялам для вывучэння паслужылі назвы тэлеперадач, якія выходзілі ў эфір з 2008 да 2018 гг., у дысертацыі Т.І. Кравец эмпірычная база даследавання абмежавана назвамі перыядычных выданняў 20-ці гадоў і г. д.;

б) вывучаны толькі асобныя, найбольш спецыфічныя лінгвістычныя асаблівасці гемеронімаў. Так, структурна-граматычныя і лексіка-семантычныя тыпы гемеронімаў былі прааналізаваны толькі ў работах Т.І. Кравец, Л.Р. Мухаметзянавай, прынцыпы і спосабы намінацыі выяўлены ў даследаваннях М.М. Сулейман, М.А. Драгайцавай.

Усё гэта сведчыць пра неабходнасць правядзення комплексных даследаванняў гемеронімаў і іншых тыпаў онімаў у лексіка-семантычным, структурна-граматычным, функцыянальным і іншых аспектах, якія ў перспектыве павінны стаць важным сегментам у агульным працэсе вывучэння беларускага онімнага кантынууму.



* e-mail: simonovich.viktorija@mail.ru


Библиография

Алефиренко, Н.Ф. (2005). Спорные проблемы семантики. Москва: Гнозис.

Бурцев, В.А. (2007). Собственные имена в тексте и дискурсе. В: Европейские языки: историография, теория, история. Межвузовский сборник научных трудов, 6, 5–15. Елец: ЕГУ им. И.А. Бунина.

Буслаев, Ф.И. (1959). Историческая грамматика русского языка. Москва: Учпедгиз.

Врублевская, О.В. (2017). Языковая мода в русской ономастике: автореф. дис. … д-ра филол. наук. Волгоград.

Врублевская, О.В. (2017). Языковая мода в русской ономастике: дис. ... д-ра филол. наук. Волгоград.

Гак, В.Г. (2002). Лексическое значение слова. В: В.Н. Ярцева (ред.), Лингвистический энциклопедический словарь (261–263). Москва: Большая Российская энциклопедия.

Галкина-Федорук, Е.М. (1956). Слово и понятие. Москва: Учпедгиз.

Гарбовская, Н.Б. (2006). Онимные и отонимные новообразования в современных масс-медийных текстах: дис. … канд. филол. наук. Майкоп.

Годуйко, Л.А., Стеренчук, О.Г. (2011). Гемеронимы города Бреста. У: М.М. Аляхновіч (рэд.), Моўнакультурная прастора Брэсцка-Пінскага Палесся. Зборнік навуковых артыкулаў (90–96). Брэст: БрДУ.

Дрогайцева, М.А. (2019). Коммуникативная эффективность медианоминации (на материале названий региональных печатных средств массовой информации): автореф. дис. ... канд. филол. наук. Воронеж.

Дудникова, М.С. (2011). Номинативная парадигма англоязычного телевизионного дискурса (на материале названий развлекательных телепередач Британии и США): автореф. дис. … канд. филол. наук. Самара.

Ермолович, Д.И. (2001). Имена собственные на стыке языков и культур. Москва: Р. Валент.

Есперсен, О. (2002). Философия грамматики. Москва: Издательство иностранной литературы.

Зразікава, В.А. (2018). Гемеронімы ў кантэксце анамастычных даследаванняў: сучасны стан і перспектывы развіцця. У: М.Р. Прыгодзіч (рэд.), Беларускае слова: тэрмін і вобраз. Зборнік артыкулаў па матэрыялах навуковых чытанняў, прысвечаных памяці прафесара В.П. Краснея (100–104). Мінск: БДУ.

Кирпичева, О.В. (2007). Ономастикон рекламного текста: дис. … канд. филол. наук. Волгоград.

Кравец, Т.И. (2002). Название газеты: ономасиологический и стилистический аспекты: автореф. дис. … канд. филол. наук. Екатеринбург.

Крюкова, И.В. (1993). Пограничные разряды ономастики в современном русском языке: автореф. дис. … канд. филол. наук. Волгоград.

Крюкова, И.В. (2004). Рекламное имя: от изобретения до прецедентности: автореф. дис. … д-ра филол. наук. Волгоград.

Мухаметзянова, Л.Р. (2018). Названия газет и журналов: функционально-прагматический аспект: дис. ... канд. филол. наук. Казань.

Никитин, М.В. (1996). Курс лингвистической семантики. Санкт-Петербург: Научный центр проблем диалога.

Подольская, Н.В. (1978). Словарь русской ономастической терминологии. Москва: Наука.

Степанов, В.А. (2020). Эволюция названий белорусских региональных СМИ. У: В.М. Самусевіч (рэд.), Рэгіянальныя СМІ Рэспублікі Беларусь у лічбавую эпоху: ад лакальнай праблематыкі да інфармацыйнай бяспекі дзяржавы. Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі (293–298). Мінск: БДУ.

Сулейман, М.М. (2019). Названия российских и британских телепередач: ономасиологический и прагмалингвистический аспекты: автореф. дис. … канд. филол. наук. Мытищи.

Суперанская, А.В. (1973). Общая теория имени собственного. Москва: Наука.

Суперанская, А.В., Сталтмане, В.Э., Подольская, Н.В., Султанов, А.Х. (2007). Теория и методика ономастических исследований. Москва: Издательство ЛКИ.

Супрун, В.И. (2000). Ономастическое поле русского языка и его художественно-эстетический потенциал. Волгоград: Перемена.

Фонякова, О.И. (1990). Имя собственное в художественном тексте. Ленинград: ЛГУ.

***

Alefirenko, N.F. (2005). Spornye problemy semantiki. Moscow: Gnozis.

Burtsev, V.A. (2007). Sobstvennye imena v tekste i diskurse. V: Evropeiskie yazyki: istoriografiya, teoriya, istoriya. Mezhvuzovskii sbornik nauchnykh trudov, 6, 5–15. Elets: EGU im. I.A. Bunina.

Buslaev, F.I. (1959). Istoricheskaya grammatika russkogo yazyka. Moscow: Uchpedgiz.

Drogaitseva, M.A. (2019). Kommunikativnaya effektivnost’ medianominatsii (na materiale nazvanii regional’nykh pechatnykh sredstv massovoi informatsii): avtoref. dis. ... kand. filol. nauk. Voronezh.

Dudnikova, M.S. (2011). Nominativnaya paradigma angloyazychnogo televizionnogo diskursa (na materiale nazvanii razvlekatel’nykh teleperedach Britanii i SShA): avtoref. dis. … kand. filol. nauk. Samara.

Ermolovich, D.I. (2001). Imena sobstvennye na styke yazykov i kul’tur. Moscow: R. Valent.

Espersen, O. (2002). Filosofiya grammatiki. Moscow: Izdatel’stvo inostrannoi literatury.

Fonyakova, O.I. (1990). Imya sobstvennoe v khudozhestvennom tekste. Leningrad: LGU.

Gak, V.G. (2002). Leksicheskoe znachenie slova. V: V.N. Yartseva (red.), Lingvisticheskii entsiklopedicheskii slovar’ (261–263). Moscow: Bol’shaya Rossiiskaya entsiklopediya.

Galkina-Fedoruk, E.M. (1956). Slovo i ponyatie. Moscow: Uchpedgiz.

Garbovskaya, N.B. (2006). Onimnye i otonimnye novoobrazovaniya v sovremennykh mass-mediinykh tekstakh: dis. … kand. filol. nauk. Maikop.

Goduiko, L.A., Sterenchuk, O.G. (2011). Gemeronimy goroda Bresta. U: M.M. Alyakhnovіch (red.), Moўnakul’turnaya prastora Brestska-Pіnskaga Palessya. Zbornіk navukovykh artykulaў (90–96). Brest: BrDU.

Kirpicheva, O.V. (2007). Onomastikon reklamnogo teksta: dis. … kand. filol. nauk. Volgograd.

Kravets, T.I. (2002). Nazvanie gazety: onomasiologicheskii i stilisticheskii aspekty: avtoref. dis. … kand. filol. nauk. Ekaterinburg.

Kryukova, I.V. (1993). Pogranichnye razryady onomastiki v sovremennom russkom yazyke: avtoref. dis. … kand. filol. nauk. Volgograd.

Kryukova, I.V. (2004) Reklamnoe imya: ot izobreteniya do pretsedentnosti: avtoref. dis. … d-ra filol. nauk. Volgograd.

Mukhametzyanova, L.R. (2018). Nazvaniya gazet i zhurnalov: funktsional’no-pragmaticheskii aspekt: dis. ... kand. filol. nauk. Kazan.

Nikitin, M.V. (1996). Kurs lingvisticheskoi semantiki. St. Petersburg: Nauchnyi tsentr problem dialoga.

Podol’skaya, N.V. (1978). Slovar’ russkoi onomasticheskoi terminologii. Moscow: Nauka.

Stepanov, V.A. (2020). Evolyutsiya nazvanii belorusskikh regional’nykh SMI. U: V.M. Samusevіch (red.), Regіyanal’nyya SMІ Respublіkі Belarus’ u lіchbavuyu epokhu: ad lakal’nai prablematykі da іnfarmatsyinai byaspekі dzyarzhavy. Materyyaly Respublіkanskai navukova-praktychnai kanferentsyі (293–298). Mіnsk: BDU.

Suleiman, M.M. (2019). Nazvaniya rossiiskikh i britanskikh teleperedach: onomasiologicheskii i pragmalingvisticheskii aspekty: avtoref. dis. … kand. filol. nauk. Mytishchi.

Superanskaya, A.V. (1973). Obshchaya teoriya imeni sobstvennogo. Moscow: Nauka.

Superanskaya, A.V., Staltmane, V.E., Podol’skaya, N.V., Sultanov, A.Kh. (2007). Teoriya i metodika onomasticheskikh issledovanii. Moscow: Izdatel’stvo LKI.

Suprun, V.I. (2000). Onomasticheskoe pole russkogo yazyka i ego khudozhestvenno-esteticheskii potentsial. Volgograd: Peremena.

Vrublevskaya, O.V. (2017). Yazykovaya moda v russkoi onomastike: avtoref. dis. … d-ra filol. nauk. Volgograd.

Vrublevskaya, O.V. (2017). Yazykovaya moda v russkoi onomastike: dis. ... d-ra filol. nauk. Volgograd.

Zrazіkava, V.A. (2018). Gemeronіmy ў kantekstse anamastychnykh dasledavannyaў: suchasny stan і perspektyvy razvіtstsya. U: M.R. Prygodzіch (red.), Belaruskae slova: termіn і vobraz. Zbornіk artykulaў pa materyyalakh navukovykh chytannyaў, prysvechanykh pamyatsі prafesara V.P. Krasneya (100–104). Mіnsk: BDU.


COPE
CC